10 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь можа прыняць удзел у будаўніцтве другога гарнаруднага калійнага камбіната ў Туркменістане, паведаміў сёння намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін у час пасяджэння міжурадавай беларуска-туркменскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Віцэ-прэм'ер нагадаў, што нядаўна ў Туркменістане быў уведзены ў строй Гарлыкскі горна-абагачальны камбінат. "Для нашай краіны гэта адзін з самых маштабных такіх праектаў, рэалізаваных за мяжой. Беларусь выканала ўсе свае абавязацельствы па ўвядзенні аб'екта ў эксплуатацыю, і цяпер мы чакаем канчатковага разліку, каб са свайго боку разлічыцца з субпадраднымі арганізацыямі і пастаўшчыкамі матэрыялаў", - расказаў Анатоль Калінін. Ён адзначыў, што Беларусь прадоўжыць суправаджэнне праекта падрыхтоўкі спецыялістаў для Гарлыкскага ГАК. "Таксама мы пачалі абмеркаванне магчымага ўдзелу Беларусі ў рэалізацыі будаўніцтва другога гарнаруднага калійнага камбіната на базе Карабільскага радовішча", - паведаміў ён.
Намеснік прэм'ер-міністра падкрэсліў, што патэнцыял супрацоўніцтва Беларусі і Туркменістана далёка не вычарпаны і не можа абмежавацца толькі адным-двума вялікімі праектамі. "Неабходна выкарыстоўваць напрацаваны вопыт узаемадзеяння для павелічэння ўзаемнага тавараабароту па ўсім спектры, таксама мы бачым прынцыпова новыя перспектывы ўзаемадзеяння ў нафтагазавай сферы, у галіне лёгкай прамысловасці, дарожнага будаўніцтва, паставак у Туркменістан дызель-паяздоў, беларускага праграмнага забеспячэння", - растлумачыў ён.
Пры гэтым віцэ-прэм'ер звярнуў увагу, што Беларусь заклапочана некаторым зніжэннем экспарту ў Туркменістан шын, грузавых аўтамабіляў, сельскагаспадарчай і пасажырскай тэхнікі. "Мы прапануем сумеснымі намаганнямі выпрацаваць прымальныя механізмы рэалізацыі паставак гатовай прадукцыі, з гэтай мэтай беларускай часткай камісіі створана рабочая група, у склад якой уключаны прадстаўнікі нашых вядучых міністэрстваў і ведамстваў. Таксама мы прапануем больш актыўна выкарыстоўваць патэнцыял прамога ўзаемадзеяння паміж бізнес-структурамі нашых краін і разлічваем, што гэта паслужыць павелічэнню колькасці суб'ектаў гаспадарання, уключаных ва ўзаемны гандаль", - заявіў ён.
Анатоль Калінін звярнуў увагу, што пашыраецца нарматыўна-прававая база супрацоўніцтва дзвюх краін, у час нядаўняга візіту Прэзідэнта Беларусі ў Туркменістан было падпісана 11 двухбаковых пагадненняў, накіраваных на пашырэнне супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, культуры, турызму. У 2016 годзе знешнегандлёвы абарот паміж краінамі вырас у параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года на 30 працэнтаў, дасягнуўшы разам з паслугамі амаль $300 млн.
Намеснік старшыні Кабінета міністраў Туркменістана Дадэбай Амангелдыеў
падкрэсліў, што Туркменістан бачыць перспектывы супрацоўніцтва з Беларуссю па розных напрамках. "У ліку асноўных прыярытэтаў - супрацоўніцтва ў нафтагазавай сферы, у галіне навукі і тэхналогій, аховы здароўя, адукацыі, фізічнай культуры і спорту, а таксама пашырэнне гуманітарных сувязей", - сказаў ён.Восьмае пасяджэнне міжурадавай беларуска-туркменскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве праходзіць у Мінску 10-12 мая. Удзельнікі туркменскай дэлегацыі ў час візіту наведаюць такія беларускія прадпрыемствы, як ЗАТ "Штадлер Мінск", ДП "Мінсктранс", РУП "Нацыянальны цэнтр электронных паслуг", ДА "Беларуская чыгунка".