14 красавіка, Масква /БЕЛТА - ТАСС/. Беларусь можа атрымаць статус наглядальніка ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Такое меркаванне выказалі сёння расійскія эксперты ў час відэамоста "Расія-Кітай: рэгіянальная бяспека і ўзаемадзеянне ў рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва".
На думку намесніка дырэктара Інстытута Далёкага Усходу РАН Сяргея Лузяніна, маючы адбыцца саміт Арганізацыі будзе азначаць не проста яе ўзмацненне. "З'явяцца два новыя ўдзельнікі - Індыя і Пакістан, - адзначыў ён. - Абнаўляецца інстытут наглядальнікаў. Я не выключаю з'яўлення там Беларусі".
Разам з тым Лузянін выказаў упэўненасць, што Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва мае патрэбу не проста ў пашырэнні, а ў мадэрнізацыі. У прыватнасці, неабходна ўрэгуляваць пытанне стварэння Банка развіцця Арганізацыі.
Генеральны дырэктар Інстытута каспійскага супрацоўніцтва Сяргей Міхееў адзначыў, што Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва пакуль застаецца рамачнай арганізацыяй. "Патэнцыял вялікі, а рэальных спраў не хапае, - мяркуе эксперт. - Арганізацыя не павінна замыкацца ў вузкіх рамках рэгіянальнага супрацоўніцтва, а павінна імкнуцца стаць глабальным іграком".
Са свайго боку генеральны сакратар Цэнтра даследавання Арганізацыі Кітайскай акадэміі грамадскіх навук Сунь Чжуанчжы падкрэсліў, што "трэба пераглядаць супрацоўніцтва ў сферы бяспекі".
"Гэта галіна павінна ўключаць пытанні эканамічнай, экалагічнай, сацыяльнай бяспекі, - заўважыў ён. - Трэба стварыць канкрэтныя структуры, якія займаліся б гэтым". Кітайскі эксперт дадаў, што маючая адбыцца сустрэча на вышэйшым узроўні ва Уфе, якая пройдзе 8-10 ліпеня 2015 года, можа надаць сур'ёзную дынаміку развіццю Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў ваенна-палітычнай сферы.