26 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь можа атрымаць ад Расіі больш за $61 млн кампенсацыі за брудную нафту, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар канцэрна "Белнафтахім" Аляксандр Цішчанка.
"Мы па пратаколе маем 563 тыс. т бруднай нафты, якую перапрацаваў Мазырскі НПЗ. Сума кампенсацыі вызначаецца з разліку $15 за бараль - згодна з тэхналогіяй, аналагічнай з іншымі суседзямі, з якімі расійскі бок разлічыўся. Такім чынам, Беларусь можа атрымаць кампенсацыю большую за $61 млн", - адзначыў Аляксандр Цішчанка.
Як паведамляў раней намеснік старшыні канцэрна "Белнафтахім" Уладзімір Сізоў, Беларусь падпісала пратакол з РФ аб кампенсацыі за брудную нафту і разлічвае на кампенсацыю з разліку $15 за бараль.
"Белнафтахім" 19 красавіка 2019 года заявіў аб рэзкім пагаршэнні якасці расійскай нафты Urals, якая паступала па трубаправодзе "Дружба". Колькасць хлорарганічных злучэнняў у саставе нафты ў дзясяткі разоў перасягала гранічныя значэнні па стандарце. У выніку шэраг краін перастаў прымаць і перапрацоўваць расійскую нафту. Абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы - Мазырскі НПЗ і ААТ "Нафтан" - вымушаны былі знізіць загрузку магутнасцей і панеслі страты, урон быў нанесены і трубаправоднай сістэме.