10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь мае намер развіваць супрацоўніцтва з Кітаем у сферы гандлю і інвестыцый. Аб гэтым сказаў генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП Сяргей Набешка падчас 8-й Кітайскай (Гуанчжоу) міжнароднай інвестыцыйнай канферэнцыі ў Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Кітайскую Народную Рэспубліку і Беларусь звязвае шматгадовае супрацоўніцтва, заснаванае на актыўным гандлі і рэалізацыі буйных інвестыцыйных праектаў. Традыцыйна Кітай выступае як адзін з найважнейшых партнёраў Беларусі ў гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферах", - сказаў Сяргей Набешка.
Паводле яго слоў, БелГПП таксама аказвае садзейнічанне развіццю гандлёвых адносін паміж дзвюма краінамі. "У нас ёсць багатая гісторыя ўзаемадзеяння. Яшчэ ў 1993 годзе было падпісана пагадненне з Кітайскім камітэтам садзейнічання міжнароднаму гандлю, якое паслужыла базай для развіцця двухбаковых адносін па лініі гандлёвых палат, абмену дзелавой і камерцыйнай інфармацыяй, арганізацыі і правядзення выставачна-кірмашовых мерапрыемстваў, дзелавых місій і інш.", - падкрэсліў ён.
Гендырэктар адзначыў, што за ўсе гады работы з кітайскімі партнёрамі праведзены сотні мерапрыемстваў. "Не раз праводзіліся нацыянальныя экспазіцыі Беларусі ў КНР. Айчынныя дэлегацыі рэгулярна выязджалі ў Кітай з візітамі, падчас якіх праводзілі дзелавыя сустрэчы і наведвалі розныя выставачна-кірмашовыя мерапрыемствы. Нягледзячы на зніжэнне дзелавой актыўнасці з-за пандэміі, мы прадоўжылі развіваць і ўмацоўваць наша супрацоўніцтва ў анлайн-фармаце. У апошнія два гады мы істотна актывізавалі гэта ўзаемадзеянне. Па выніках 2021 года праведзена больш за 40 такіх мерапрыемстваў з удзелам кітайскіх партнёраў, прадстаўнікоў бізнесу дзвюх краін. Гэта дало магчымасць выйсці на інтэнсіўнасць дапандэмійнага перыяду", - паведаміў ён.
Сяргей Набешка расказаў, што больш за 300 прадпрыемстваў - членаў БелГПП у сваіх анкетных даных пазначылі Кітай як краіну прыярытэтнага супрацоўніцтва. "Сумесна з партнёрскімі палатамі і арганізацыямі Кітая мы штогод прадастаўляем магчымасць прадпрыемствам рэалізоўваць новыя праекты, адкрываць для сябе надзейных дзелавых партнёраў. Сярод іх як буйныя камерцыйныя кампаніі і дзяржаўныя арганізацыі, так і прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу. На сёння нашымі партнёрамі з'яўляюцца 30 кітайскіх камітэтаў садзейнічання міжнароднаму гандлю і асацыяцыі розных правінцый Кітая, з якімі мы падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве і правялі шмат сумесных мерапрыемстваў рознага характару і маштабу", - звярнуў увагу кіраўнік.
Генеральны дырэктар падкрэсліў, што Мінскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і далей будзе прыкладаць максімум намаганняў для развіцця і ўмацавання эканамічных адносін паміж дзвюма краінамі.