9 красавіка, Мінск /Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА/. Беларусь разлічвае на павелічэнне аб'ёмаў узаемнага тавараабароту з Чувашыяй. Аб гэтым заявіў сёння прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на сустрэчы з кіраўніком Чувашскай Рэспублікі Міхаілам Ігнацьевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік урада адзначыў, што Чувашская Рэспубліка з'яўляецца для Беларусі даўнім і правераным партнёрам, нягледзячы на тое, што ўзаемны тавараабарот пакуль не вельмі вялікі. На думку прэм'ера, патэнцыял бакоў пакуль рэалізаваны не ў поўнай меры. "Лічу, ваш візіт паслужыць таму, што мы значна наросцім перш за ўсё гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва", - сказаў ён, звяртаючыся да кіраўніка Чувашыі.
Андрэй Кабякоў агучыў шэраг патэнцыяльных напрамкаў, якія бакі маглі б рэалізоўваць больш эфектыўна. У прыватнасці, размова ідзе аб супрацоўніцтве ў сектары машынабудавання. "Гэта датычыцца перш за ўсё сельскагаспадарчай, камунальнай, дарожна-будаўнічай тэхнікі, абсталявання для вытворчасці і перапрацоўкі харчовых прадуктаў, - удакладніў прэм'ер. - Мяркую, цікавым будзе і наша станочнае абсталяванне. Мы гатовы ўдзельнічаць не толькі ў пастаўцы, але і супрацоўнічаць на кааперацыйнай аснове".
Пры гэтым беларускі бок гатовы прапанаваць розныя варыянты фінансавання, у тым ліку лізінг, ільготнае крэдытаванне і інш.
Таксама Андрэй Кабякоў агучыў прапанову аб магчымай кааперацыі холдынга "Аўтакампаненты" з машынабудаўнічымі прадпрыемствамі Чувашыі. Вялікі патэнцыял ёсць ва ўзаемадзеянні і ў аграпрамысловым комплексе, лічыць ён. "Мы гатовы ўдзельнічаць у праектаванні, узвядзенні сацыяльных інфраструктурных, вытворчых аб'ектаў, - прадоўжыў кіраўнік урада. - У нас добрая прамысловасць будаўнічых, аддзелачных матэрыялаў".
Пры гэтым прэм'ер падкрэсліў, што гэта далёка не поўны пералік магчымых напрамкаў для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва.