4 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь мае намер на працягу пяці гадоў разлічыцца па даўгах без новых пазык. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв'ю недзяржаўным СМІ, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Гаворачы аб выплатах па знешніх даўгах, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адпаведныя сродкі прадугледжаны ў бюджэце. "Мы гэтыя грошы знойдзем, збяром і выплацім", - сказаў ён.
"Ва Уфе з членамі ўрада, якія гэтым пытаннем займаюцца, мы далі сабе клятву (я не гаварыў аб гэтым раней): мы за пяць гадоў вырашым праблему даўгоў і на працягу пяці гадоў плануем, разлічыўшыся па даўгах, абыходзіцца без пазык", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у Беларусі ўжо не трэба ў вялікіх аб'ёмах штосьці рабіць у эканоміцы, у тым ліку для мадэрнізацыі прадпрыемстваў, як раней. "Мы будзем рабіць гэта больш спакойна, не пазычаючы вялікія сродкі. Я не бачу тут праблем. Гэтыя грошы не праядаліся. Мы іх патрацілі на мадэрнізацыю прадпрыемстваў", - заўважыў Прэзідэнт Беларусі.
Што датычыцца праблем на шэрагу валаўтваральных прадпрыемстваў, кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што пэўныя цяжкасці ёсць, і найбольш складаная сітуацыя на МАЗе і "Гомсельмашы". "Зусім нядаўна пад строгія гарантыі кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўрада мною прыняты рашэнні па стабілізацыі там становішча. Людзі гэта ўспрынялі станоўча, але яны павінны разумець, што гэта падтрымка нямала каштуе. І падтрымлівае іх уся дзяржава і ўсё грамадства ў плане адтэрміноўкі выплат па крэдытах, дзяржпадтрымкі, шмат узялі пад дзяржзаказ", - сказаў беларускі лідар.