11 жніўня, Мінск /Таццяна Лісатовіч - БЕЛТА/. Беларусь гатова перайсці да паставак SKD камплектаў трактароў МТЗ у Пакістан. Аб гэтым заявіў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Пакістана Навазам Шарыфам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік беларускага ўрада адзначыў, што адным з перспектыўных напрамкаў двухбаковага супрацоўніцтва з'яўляецца стварэнне ў Пакістане прамысловых зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі, а таксама сумесных прадпрыемстваў па выпуску на аснове беларускіх тэхналогій і сыравіны малочнай прадукцыі. "Што датычыцца зборачнай вытворчасці трактароў МТЗ, то мы гатовы перайсці ўжо з этапу поўнасабраных трактароў да паставак SKD камплектаў", - сказаў Андрэй Кабякоў. (SKD - тэхналогія імпарту і далейшай зборкі аўтамабіляў, арыентаваная на абыход высокіх імпартных пошлін або акцызных збораў. Поўнасцю гатовыя аўтамабілі разбіраюць на невялікую колькасць буйных вузлоў і ў такім выглядзе ўвозяць на тэрыторыю дзяржавы, дзе адбываецца іх зборка. - Заўвага БЕЛТА).
Для гэтага, адзначыў прэм'ер-міністр, беларускаму боку спатрэбіцца надзейны партнёр у Пакістане, які карыстаецца даверам і падтрымкай урада.
"Мы ў сваю чаргу, гатовы разгледзець пытанні стварэння ў Беларусі сумесных з Пакістанам прадпрыемстваў па выпуску тэкстыльнай прадукцыі з пакістанскай сыравіны, - прадоўжыў Андрэй Кабякоў. - Гатовы прадаставіць вытворчую пляцоўку тэкстыльнага прадпрыемства ў горадзе Баранавічы. Гэта адно з буйнейшых тэкстыльных прадпрыемстваў на ўсёй постсавецкай прасторы".
Таксама перспектыўным, на думку беларускага прэм'ера, магло б стаць стварэнне сумеснага прадпрыемства па вытворчасці дывановых вырабаў з пакістанскай сыравіны на плошчах Брэсцкага дывановага камбіната. Гэта прадукцыя, упэўнены ён, можа быць вельмі запатрабаванай на рынку Еўразійскага эканамічнага саюза.
Каб гэтыя праекты пачалі працаваць на поўную моц, Андрэй Кабякоў прапанаваў пакістанскаму калегу прапрацаваць пытанне аб падпісанні міжурадавага пагаднення аб вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі. "Гэта пагадненне і фарміраванне спісаў тавараў, пастаўкі якіх будуць ажыццяўляцца без спагнання ПДВ і ўвазных мытных пошлін, будзе працаваць на абодва бакі", - адзначыў ён.