23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова пераарыентавацца і замясціць імпартную камплектацыю тэхнікі і ўзбраення, заявіў журналістам прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. Сёння ён прыняў удзел у адкрыцці міжнароднай выстаўкі ўзбраення і ваеннай тэхнікі MILEX-2021, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння апраўдваюцца ўсе прагнозы, якія мы рабілі ўжо даволі даўно і аб чым неаднаразова гаварыў Прэзідэнт, што ў нейкіх крытычных галінах, як бы ні было цяжка, трэба разлічваць на ўласныя сілы, таму што любая залежнасць заўсёды можа быць выкарыстана ў якасці элемента націску, асабліва ў такой важнай сферы, як абарона і бяспека. З гэтым жа сутыкнулася, мы ведаем, не так даўно Расійская Федэрацыя. Дзякуючы моцы сваіх канструктараў, праекціроўшчыкаў яна змагла своечасова пераарыентавацца і замясціць тую камплектацыю, якая раней пастаўлялася з-за мяжы", - сказаў Раман Галоўчанка.
Паводле яго слоў, Беларусь да гэтага таксама гатова. "Такія задачы перад абаронна-прамысловым комплексам ставіліся - максімальна абапірацца на ўласныя сілы і на сілы нашых стратэгічных партнёраў і саюзнікаў, такіх як Расійская Федэрацыя, КНР. Мы гэтым курсам ішлі, і сёння тое, што бачым тут, - пацвярджэнне правільнасці выбранай тактыкі, - адзначыў прэм'ер-міністр. - Калі б мы не займаліся гэтым раней, цяпер, напэўна, не ўбачылі б тут такой колькасці сучасных узораў. Таму што мы свядома ішлі па шляху самастойнага, незалежнага развіцця. Як я ўжо сказаў, у тых галінах, дзе ў нас няма кампетэнцый у прынцыпе або занадта доўга іх ствараць, мы абапіраемся на нашых саюзнікаў".
Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што цяпер агульны выклік для ўсіх краін АДКБ - самастойнасць у галіне вытворчасці электроннай кампанентнай базы і мікраэлектронікі. "Тут ёсць над чым працаваць. Астатнія сферы ў прынцыпе ў нас хвалявання не выклікаюць. Не выклікае хвалявання і мікраэлектроніка. Пастаўшчыкоў вельмі шмат у свеце і неабходна нарошчваць тут уласныя кампетэнцыі. У Беларусі, як і ў Расіі, хапае распрацоўшчыкаў. Таму гэты напрамак будзем абавязкова ўзмацняць".
Выстаўка MILEX па маштабах вырашаемых задач, складзе і ўзроўні ўдзельнікаў, інфраструктуры лічыцца адной з буйнейшых ва Усходнееўрапейскім рэгіёне. З 2001 года гэты маштабны зброевы агляд традыцыйна прыцягвае ўвагу вядучых айчынных і сусветных вытворцаў прадукцыі ваеннага прызначэння. Яе галоўныя мэты - шырокае прадстаўленне прадукцыі беларускай абароннай прамысловасці, азнаямленне з новымі распрацоўкамі ў галіне высокіх тэхналогій, дэманстрацыя магчымасцей прадпрыемстваў, якія займаюцца мадэрнізацыяй, рамонтам баявой тэхнікі і аказваюць паслугі Узброеным Сілам.
На выстаўцы MILEX-2021 прадстаўлена больш за 300 узораў найноўшых відаў узбраенняў, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі ад Беларусі, 177 з іх - упершыню, а 88 - новыя мадэрнізаваныя ўзоры.