6 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова аказаць садзейнічанне Расіі ў развіцці малочнай галіны, заявіў сёння журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Напярэдадні міністр сельскай гаспадаркі Расіі Аляксандр Ткачоў паведаміў, што РФ збіраецца забяспечыць рынак малака на 90 працэнтаў айчыннымі прадуктамі і ў перспектыве мае намер поўнасцю замясціць імпарт.
Паводле слоў Леаніда Зайца, у беларускага боку гэта заява не выклікае хвалявання. Наадварот, у Беларусі ёсць чаму павучыцца, краіна гатова падзяліцца сваім вопытам з Расіяй, улічваючы, якая там сітуацыя ў малочнай жывёлагадоўлі. "Не думаю, што трэба сёння адгароджвацца нейкай глухой агароджай ад сваёй суседкі - Беларусі. Усё ж такі ў нашай краіны ёсць чаму павучыцца, ёсць што пераняць. Наша краіна гатова аказаць садзейнічанне Расійскай Федэрацыі ў хутчэйшым дасягненні задач, пастаўленых маім калегам. Напэўна, вопыт Беларусі і практычная дапамога маглі б паўплываць на дасягненне гэтых паказчыкаў", - адзначыў міністр. Паводле яго слоў, ад расійскіх партнёраў і цяпер паступае нямала просьбаў аб аказанні садзейнічання ў пастаўках племянной жывёлы, арганізацыі будаўніцтва малочных комплексаў, пастаўкі неабходнай тэхнікі для кормаўборкі, насення і г.д.
Да таго ж у Беларусі стабільная эпізаатычная сітуацыя па хваробах жывёл. "У нас няма сёння лейкозу, туберкулёзу. У нас здаровы статак, няма сібірскай язвы, яшчуру і г.д. Гэта таксама вопыт Беларусі, чаму б яго не вывучыць, сумеснымі намаганнямі з беларускімі спецыялістамі не адаптаваць на тэрыторыі Расіі", - сказаў міністр.
"Гэта заява абсалютна не пужае - мы дыверсіфікуем рынкі, і гэта прыкметна па выніках мінулага года: у нас зменшыліся пастаўкі на галоўны для нас рынак - расійскі, павялічыліся пастаўкі ў краіны СНД, Кітай, краіны Блізкага Усходу. І гэта заява надае яшчэ больш упэўненасці для таго, каб мы ішлі на гэтыя рынкі", - дадаў ён.
Што датычыцца канкурэнцыі беларускіх вытворцаў з расійскімі, то Леанід Заяц лічыць яе здаровай і не бачыць прычын для стварэння штучных бар'ераў на рынку ЕАЭС. "Гэта ж здаровая канкурэнцыя. Баяцца сваіх канкурэнтаў не трэба, - лічыць міністр. - Трэба, каб наш агульны еўразійскі рынак напаўняўся прадуктамі харчавання з тэрыторыі ЕАЭС. Перш чым увозіць, дапусцім, малочную прадукцыю з Уругвая, Новай Зеландыі і гэтак далей, трэба было б разгледзець магчымасці краін саюза, дзе мы сёння заключылі дагаворы аб сумеснай дзейнасці. Павінны быць партнёрскія адносіны, каб мы выканалі задачу, якую паставілі прэзідэнты нашых краін".