17 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь да 2030 года разлічвае больш як у тры разы нарасціць аб'ём выручкі ад рэалізацыі мікраэлектроннай прадукцыі. Аб гэтым на нарадзе з Прэзідэнтам Беларусі на тэму развіцця такой сферы заявіў віцэ-прэм'ер Пётр Пархомчык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сумарны аб'ём выручкі ад рэалізацыі прадукцыі айчыннай мікраэлектронікі і электроннага машынабудавання ў 2025 годзе вырасце да $200 млн. Да 2030 года дасягне $330-350 млн. І павялічыцца ў параўнанні з 2021 годам у 3,3 раза. Хачу падкрэсліць, што гэтыя паказчыкі з'яўляюцца праграмай-мінімум", - сказаў віцэ-прэм'ер.
Ён далажыў, што даручэнні кіраўніка дзяржавы, дадзеныя ў чэрвені 2022 года на нарадзе па пытаннях развіцця айчыннай мікраэлектронікі, выкананы. Зацверджана праграма развіцця мікраэлектроннай прамысловасці Беларусі да 2030 года. Сумесна з расійскім бокам вызначаны пералік неабходных электронных кампанентаў і ўзгоднена дарожная карта развіцця мікраэлектроннай вытворчасці. Створаны расійска-беларускі цэнтр фоташаблонаў.
Акрамя таго, выконваецца комплекс мер па забеспячэнні мікраэлектроннай галіны кваліфікаванымі кадрамі. Навуковае забеспячэнне галіны ажыццяўляецца НАН Беларусі. Цяпер створаны інавацыйна-прамысловы кластар, якім вызначаны перспектыўныя напрамкі даследаванняў і распрацовак па стварэнні вытворчасцей і вырабаў мікраэлектронікі.
"Самае галоўнае, што мяне непакоіць: каб вучоныя, канструктары і практыкі разумелі, што трэба рабіць і куды ісці. Калі ў нас такія людзі ёсць, то грошы для гэтага заўсёды знойдуцца. А такія людзі ёсць", - адзначыў на нарадзе Аляксандр Лукашэнка.