9 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ЗАТ "Мяса-малочная кампанія" і іранская кампанія
IMEX заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве па прасоўванні беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі на рынак Ірана, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксей Багданаў."Перагаворы завяршыліся падпісаннем пагаднення аб супрацоўніцтве паміж ЗАТ
"Мяса-малочная кампанія" і іранскай кампаніяй IMEX. У адпаведнасці з пагадненнем, плануецца супрацоўніцтва ў галіне прасоўвання беларускай сельгаспрадукцыі на іранскі рынак - у першую чаргу ялавічыны і сметанковага масла. Наступны этап - сухое малако і дзіцячыя малочныя сумесі, а ў далейшым хацелася б выйсці на пастаўкі сыроў і іншай малочнай прадукцыі ў Іран. Пагадненне таксама прадугледжвае супрацоўніцтва ў галіне сертыфікацыі беларускіх прадпрыемстваў для паставак прадукцыі на іранскі рынак. Абмяркоўваецца таксама магчымасць выхаду на экспарт сельгаспрадукцыі ў Іран у аб'ёме каля $100 млн у год", - сказаў Аляксей Багданаў.Таксама ў час перагавораў бакі дамовіліся аб правядзенні ў Іране ў канцы лютага дзелавога бізнес-форуму з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і бізнес-колаў мяса-малочнай прамысловасці абедзвюх краін.