25 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь будзе пастаўляць на Кубу сельскагаспадарчую і аўтамабільную тэхніку ў абмен на лекавыя сродкі. Аб гэтым гаворыцца ва ўказе ад 23 сакавіка 2015 года нумар 133 "Аб рэалізацыі міжнароднага дагавора", апублікаваным сёння на Нацыянальным прававым партале, паведамляе БЕЛТА.
Указам прадугледжана, што дзяржаўнае гандлёва-вытворчае аб'яднанне "Белрэсурсы" - кіруючая кампанія холдынга "Белрэсурсы" ажыццяўляе закупку ў фармацэўтычных арганізацый Кубы лекавых сродкаў, а таксама пастаўку арганізацыям гэтай краіны сельскагаспадарчай, аўтамабільнай тэхнікі і запасных частак да яе, вырабленых адкрытымі акцыянернымі таварыствамі "Мінскі аўтамабільны завод" - кіруючая кампанія холдынга "Белаўтамаз" і "Мінскі трактарны завод" для разлікаў з гэтымі фармацэўтычнымі арганізацыямі.
Нерасфасаваныя лекавыя сродкі закупляюцца для РУП "Белмедпрэпараты" ў мэтах іх далейшай упакоўкі і рэалізацыі. Лекавыя сродкі ў гатовых лекавых формах закупляюцца для РУП "Белфармацыя" для іх захоўвання і наступнай рэалізацыі. Пастаўка ажыццяўляецца без атрымання спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) на вядзенне фармацэўтычнай дзейнасці.
Указ прыняты ў мэтах рэалізацыі пагаднення паміж урадамі Беларусі і Кубы аб узаемных пастаўках ад 24 чэрвеня 2014 года. Саўміну даручана праінфармаваць Еўразійскую эканамічную камісію, урады Арменіі, Казахстана і Расійскай Федэрацыі аб падпісанні ўказа. Кантроль за яго выкананнем ускладзены на Камітэт дзяржаўнага кантролю.
Указ нумар 133 дзейнічае на працягу двух гадоў з дня ўступлення яго ў сілу.