10 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь аказалася на трэцім месцы ў рэйтынгу краін Еўропы па прагназуемым росце ВУП у 2024 годзе. Аб гэтым сведчаць даныя Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), якія візуалізавала медыякампанія Visual Capitalist.
Згодна з інфаграфікай, якую падрыхтавала медыякампанія, рост ВУП Беларусі складзе 3,6 працэнта. Разам з Беларуссю трэцюю пазіцыю падзяліла Расія, рост ВУП якой, як чакае МВФ, таксама складзе 3,6 працэнта.
Узначаліла рэйтынг Мальта з эканомікай, у значнай ступені арыентаванай на паслугі, уключаючы турызм і фінансавыя паслугі. Рост ВУП Мальты, паводле прагнозу, складзе 5 працэнтаў. На другім месцы знаходзіцца Сербія, якая набрала абароты ў 2024 годзе за кошт такіх сфер паслуг, як гандаль, турызм, грамадскае харчаванне і будаўніцтва. Рост яе ВУП можа скласці, паводле інфармацыі МВФ, 3,9 працэнта.
Рост ВУП Польшчы і Літвы чакаецца на ўзроўні 3,0 працэнта і 2,4 працэнта адпаведна.
"Апошнім часам еўрапейскія краіны сутыкнуліся са значнымі праблемамі, уключаючы скарачэнне дзелавой актыўнасці і зніжэнне курса еўра адносна долара да самага нізкага ўзроўню з 2022 года, - гаворыцца ў матэрыяле. - Нягледзячы на гэтыя перашкоды, некаторыя краіны прадэманстравалі ўстойлівы эканамічны рост у 2024 годзе".