4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Ізраіль ствараюць праект сумеснага індустрыяльнага парка. Аб гэтым ішла размова на сустрэчы намесніка міністра замежных спраў Беларусі Валянціна Рыбакова з міністрам аліі і абсорбцыі, старшынёй ізраільскай часткі сумеснага беларуска-ізраільскага камітэта па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве (СБІК) Зеэвам Элькіным, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
Бакі абмеркавалі пытанні падрыхтоўкі і правядзення пятага пасяджэння СБІК, сумеснай распрацоўкі праекта стварэння беларуска-ізраільскага індустрыяльнага парка, а таксама супрацоўніцтва ў банкаўскай сферы, праінфармавалі ў прэс-службе.
Сустрэча адбылася ў час рабочага візіту намесніка міністра ў Ізраіль, які завершыцца 5 лістапада. Раней Валянцін Рыбакоў сустрэўся таксама з прэзідэнтам кампаніі "Магнэзі Груп", заснавальнікам Гандлёвай палаты "Ізраіль - Беларусь" Габі Магнэзі. "Бакі абмеркавалі магчымасці актывізацыі супрацоўніцтва паміж дзелавымі коламі дзвюх краін, а таксама правядзенне сумесных мерапрыемстваў па лініі бізнесу", - адзначылі ў МЗС.