13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Баліварыянскай Рэспубліцы Венесуэла Андрэй Молчан прыняў удзел у беларуска-венесуэльскіх перагаворах па пытаннях прамысловай кааперацыі, якія праводзіліся ў фармаце відэаканферэнцыі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў беларускай загранустанове ў Каракасе.
Дэлегацыі дзвюх краін узначальвалі кіраўнікі галін прамысловасці. Так, з венесуэльскага боку ў мерапрыемстве прынялі ўдзел віцэ-прэзідэнт Венесуэлы - міністр планавання Рыкарда Менендэс, міністр прамысловасці Іпаліта Абрэу, намеснік міністра замежных спраў па справах Еўропы Франклін Рамірэс Араке, кіраўнік аўтамабільнай карпарацыі "Корсааўта" Карлас Дос Сантас, з беларускага боку - міністр прамысловасці Аляксандр Рагожнік, кіраўнікі МТЗ і МАЗ, прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання.
У час відэаканферэнцыі адбыўся грунтоўны абмен думкамі па пытанні перспектыў функцыянавання зборачных вытворчасцей беларускіх трактароў і грузавікоў у Венесуэле.
"Бакі ўзгаднілі далейшыя крокі па развіцці супрацоўніцтва ў гэтым напрамку", - адзначылі ў пасольстве.