19 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ва Узбекістане Леанід Марыніч абмеркаваў з першым намеснікам міністра замежных спраў Узбекістана Фарходам Арзіевым развіццё адносін паміж дзвюма краінамі і актывізацыю гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў беларускай дыпмісіі.
Бакі падтрымалі неабходнасць актуалізацыі дарожнай карты па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва, зацверджанай кіраўнікамі ўрадаў у лістападзе 2018 года, для напаўнення яе новымі праектамі і ініцыятывамі.
У час сустрэчы былі абмеркаваны пытанні падрыхтоўкі 8-га пасяджэння Сумеснай міжурадавай камісіі па двухбаковым супрацоўніцтве ў Ташкенце ў бягучым годзе, а таксама кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў на ўзроўні намеснікаў кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Узбекістана.
"Пасол праінфармаваў аб актуальных пытаннях гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння ў бягучым годзе і рэалізуемых бакамі сумесных праектах. Акцэнтаваў увагу на неабходнасці садзейнічання развіццю адносна новага напрамку супрацоўніцтва - узаемадзеяння рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана, праінфармаваў аб праведзеных у гэтым кантэксце мерапрыемствах", - расказалі ў пасольстве.
Прадстаўнік узбекскага знешнепалітычнага ведамства ў сваю чаргу адзначыў дынамічнае развіццё беларуска-ўзбекскага супрацоўніцтва ў розных сферах, а таксама ўзаемную падтрымку бакоў у міжнародных арганізацыях. Дыпламат падкрэсліў важнасць эфектыўнай рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей на вышэйшым і высокім узроўні для дасягнення значных вынікаў двухбаковага супрацоўніцтва.
Аб'ём тавараабароту паміж Беларуссю і Узбекістанам за студзень-верасень склаў $168,2 млн, крыху недацягнуўшы да мінулагодніх паказчыкаў. Пры гэтым Беларусь экспартавала тавараў на $137,6 млн (102,7 працэнта). Сальда знешняга гандлю склалася дадатнае для краіны - $107 млн.