9 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Удмуртыя абмеркавалі магчымасці павелічэння ўзаемнага тавараабароту за кошт больш актыўнага выкарыстання гандлёвай пляцоўкі Беларускай універсальнай таварнай біржы (БУТБ). Аб гэтым ішла размова 8 лютага на анлайн-канферэнцыі, арганізаванай БУТБ і Цэнтрам падтрымкі экспарту Удмурцкай Рэспублікі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе біржы.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі ўрада Удмуртыі, пасольства Беларусі ў Расіі і Гандлёвага прадстаўніцтва Расійскай Федэрацыі ў Беларусі. Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі асноўныя вынікі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў 2020 годзе і прыярытэтныя напрамкі на бягучы год. Пры гэтым асаблівая ўвага ўдзелена ўзаемадзеянню ў галіне біржавога гандлю, які, на думку ўдзельнікаў канферэнцыі, можа стаць адным з ключавых драйвераў росту двухбаковага тавараабароту, адзначылі ў БУТБ.
"За мінулы год тавараабарот Беларусі і Удмуртыі склаў $184,5 млн, або 112,5 працэнта да ўзроўню 2019 года. Разам з тым нам пад сілу значна палепшыць гэты паказчык, у тым ліку за кошт рэалізацыі патэнцыялу біржавога гандлю, які здольны стаць эфектыўным інструментам для нарошчвання аб'ёмаў і пашырэння наменклатуры тавараў, запатрабаваных на рынках Беларусі і Удмуртыі", - прыводзіць словы кіраўніка аддзялення беларускага дыппрадстаўніцтва ва Уфе Артура Карповіча прэс-служба БУТБ.
Больш актыўна выкарыстоўваць магчымасці біржы заклікаў і гандлёвы прадстаўнік Расіі ў Беларусі Юрый Залатароў. "За гады работы біржа зарэкамендавала сябе як дзейсны механізм арганізацыі трансгранічнага гандлю, які штодзень прымяняюць тысячы беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў. Тое, што кожная дзясятая акрэдытаваная на БУТБ кампанія з Расіі, наглядна сведчыць аб ступені ўключанасці расійскага бізнесу. На жаль, пакуль удмурцкій бізнес недастаткова шырока прадстаўлены на біржавой пляцоўцы, але я ўпэўнены, што сумеснымі намаганнямі мы зможам вывесці гэты рэгіён у лідары па біржавым тавараабароце. Усе ўмовы для гэтага ёсць", - падкрэсліў расійскі дыпламат.
Зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва з БУТБ пацвердзіў і намеснік старшыні ўрада Удмурцкай Рэспублікі Міхаіл Хоміч. Ён выказаў гатоўнасць аказаць садзейнічанне ў інфармаванні дзелавых колаў Удмуртыі аб перавагах біржавога механізму. "За апошнія два гады Удмуртыя стала адным з самых экспартна арыентаваных рэгіёнаў Расіі і сёння займае першае месца па тэмпах росту неэнергетычнага экспарту. Калі гаварыць аб супрацоўніцтве з Беларуссю, то, нягледзячы на агульнае зніжэнне дзелавой актыўнасці, па выніках 2020 года мы ўсё роўна выйшлі ў плюс як па экспарце тавараў на рынак Беларусі, так і па імпарце беларускай прадукцыі. Вядома, у бягучым годзе хацелася б дасягнуць яшчэ больш высокіх паказчыкаў, і спадзяёмся, што Беларуская ўніверсальная таварная біржа нам у гэтым дапаможа. Цяпер важна расказаць удмурцкім прадпрымальнікам пра гэты інструмент і яго перавагі, а яны ўжо самі вырашаць, як і ў якім аб'ёме яго прымяняць", - адзначыў Міхаіл Хоміч.