28 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чацвёрты раўнд перагавораў паміж Беларуссю і Турцыяй па пагадненні аб свабодным гандлі паслугамі адбыўся ў анлайн-фармаце, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэканомікі.
Работу над пагадненнем курыруюць Міністэрства эканомікі Беларусі і Міністэрства гандлю Турцыі. Улічваючы шырокі спектр пытанняў, якія ахоплівае дакумент, з боку кожнай з дзяржаў у перагаворах прынялі ўдзел больш за 30 прадстаўнікоў галіновых ведамстваў.
Бакі абмеркавалі шэраг праектаў будучага пагаднення. У прыватнасці, электронны гандаль, тэлекамунікацыйныя, фінансавыя, транспартныя і лагістычныя паслугі, перамяшчэнне фізічных асоб, дзяржзакупкі, вырашэнне спрэчак.
"Вынікам сумеснай работы экспертаў Беларусі і Турцыі сталі дасягненне кансэнсусу па большасці раней няўзгодненых пытанняў, а таксама істотны прагрэс у збліжэнні пазіцый па астатніх адчувальных аспектах. Акрамя гэтага, бакі прынялі рашэнне аб пачатку паралельнай работы над пералікамі абавязацельстваў па доступе на рынкі канкрэтных сектараў паслуг, якія будуць з'яўляцца неад'емнай часткай міжнароднага дагавора", - расказалі ў прэс-службе.