15 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Таджыкістан дамовіліся развіваць гандлёва-эканамічныя інтарэсы сумесна з Афганістанам. Аб гэтым ішла размова на сустрэчы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Таджыкістане Алега Іванова з прэм'ер-міністрам гэтай краіны Кахірам Расулзада, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.
З улікам сталых узаемаадносін Таджыкістана з Афганістанам пасол Беларусі прапанаваў задзейнічаць трохбаковы фармат супрацоўніцтва Беларусь - Таджыкістан - Афганістан пры развіцці гандлёва-эканамічных інтарэсаў бакоў, што было падтрымана субяседнікам.
На сустрэчы разглядалася шырокае кола пытанняў супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. "Прэм'ер-міністр Таджыкістана выказаў зацікаўленасць у развіцці вытворчай кааперацыі з беларускімі прадпрыемствамі і пацвердзіў гатоўнасць аказваць неабходнае садзейнічанне ў рэалізацыі сумесных праектаў", - адзначылі ў прэс-службе МЗС.
Асаблівая ўвага была ўдзелена развіццю гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, у прыватнасці пытанням правядзення чарговага пасяджэння міжурадавай беларуска-таджыкскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Акрамя таго, пасол Беларусі і прэм'ер-міністр Таджыкістана закранулі перспектывы заключэння шэрага міждзяржаўных пагадненняў у сферы адукацыі і рэгіянальнага супрацоўніцтва.