27 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Славенія актывізуюць супрацоўніцтва ў сферы транспарту, інвестыцый і сельскай гаспадаркі, паведаміў сёння журналістам намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка па выніках 7-га пасяджэння міжурадавай беларуска-славенскай камісіі па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння ў Мінску прайшло чарговае, 7-е пасяджэнне міжурадавай беларуска-славенскай камісіі па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. Яно сапраўды было насычаным, нават больш, чым мы чакалі. Мы не толькі канстатавалі ўжо існуючыя дасягненні, але і вызначылі напрамкі для нашага супрацоўніцтва на перспектыву. Размова ідзе аб узаемадзеянні ў галіне транспарту, інавацый, інвестыцый, стандартызацыі і сельскай гаспадаркі - гэта сапраўды ўражальны спіс магчымых сумесных праектаў, якія ўяўляюць інтарэс для абедзвюх краін", - падкрэсліў намеснік міністра.
Алег Краўчанка адзначыў, што Славенія - важны партнёр у двухбаковым і шматбаковым узаемадзеянні, уплывовы і аўтарытэтны голас у ЕС. "Мы вельмі зацікаўлены ў далейшым развіцці гэтага супрацоўніцтва. У галіне гандлю і інвестыцый у нас ужо ёсць значныя дасягненні - гэта, напрыклад, прыкметная роля славенскай кампаніі "Рыка" на беларускім рынку. Акрамя таго, паміж Беларусбанкам і славенскім SID Банкам падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве, які прадастаўляе бізнесменам абедзвюх краін фінансавыя інструменты для ажыццяўлення гандлёвых аперацый. А знакамітая славенская фармацэўтычная кампанія Krka і Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў абмяркоўваюць магчымасці супрацоўніцтва, у тым ліку па напрамку вытворчасці медпрэпаратаў тут, на тэрыторыі Беларусі, для забеспячэння іх доступу на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза", - расказаў ён.
Дырэктар дырэктарата эканамічнай дыпламатыі МЗС Славеніі дадаў, што бакі таксама зацікаўлены ў развіцці сувязей у сферы адукацыі і энергетыкі. "Мы плануем падпісаць пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, ратыфікаваць пагадненне аб сумесных інвестыцыях і іх абароне. Таксама нас вельмі цікавіць зялёная эканоміка, ІТ-тэхналогіі. Акрамя таго, сёння завершаны новы раўнд перагавораў аб узаемадзеянні ў сферы паветранага транспарту, зносін паміж нашымі краінамі", - паведаміў ён.
Па выніках сустрэчы адбылася цырымонія падпісання падагульняючага пратакола пасяджэння камісіі.