17 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Сербія зацвердзілі праграму навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва на 2016-2017 гады, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Дакумент быў зацверджаны на VII пасяджэнні сумеснай беларуска-сербскай міжурадавай камісіі па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, якое адбылося ў Бялградзе 15-16 сакавіка. Сустрэча прайшла пад старшынствам намесніка старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Пятра Балтруковіча і міністра адукацыі, навукі і тэхналагічнага развіцця Сербіі Срджана Вербіча. Акрамя таго, удзел у пасяджэннях прыняў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Сербіі Уладзімір Чушаў. Была таксама зацверджана выканаўчая праграма навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва на 2016-2017 гады.
Акрамя таго, бакі абмеркавалі стан і перспектывы развіцця навукі, тэхналогій, інавацыйных праектаў, выпуск навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі і далейшае супрацоўніцтва ў галіне інтэлектуальнай уласнасці.