12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Беларусі і Міністэрства навукі, ІКТ і перспектыўнага планавання Рэспублікі Карэя падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне навукі, тэхналогій і інавацый. Подпісы пад дакументам паставілі кіраўнікі ведамстваў Аляксандр Шумілін і Чхве Ян Хі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ДКНТ.
Згодна з дакументам, Беларусь і Рэспубліка Карэя будуць развіваць навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва ў галіне перадавых тэхналогій, уключаючы інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, фундаментальныя і прыкладныя даследаванні. Размова ідзе перш за ўсё аб узаемадзеянні па прыярытэтных напрамках навукі, тэхнікі і інавацый, такіх як машынабудаванне, прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць, інфармацыйныя тэхналогіі, оптыка, медыцына і медыцынскія тэхналогіі, фармацыя, хімічныя тэхналогіі, нана- і біятэхналогіі, новыя матэрыялы, электроніка, тэхналогіі кіравання прыроднымі рэсурсамі, энергетычныя тэхналогіі.
Беларуская дэлегацыя знаходзіцца з візітам у Сеуле 10-13 красавіка. Праграмай візіту прадугледжваецца правядзенне сустрэч і перагавораў у Samsung Electronics, Інстытуце садзейнічання навуцы і тэхналогіям, Карэйскім інстытуце энергетычных даследаванняў, Нацыянальным даследчым фондзе, Карэйскім інстытуце перспектыўных навуковых даследаванняў і тэхналогій, тэхнапарку Панге, Dongsung Pharm і іншых навуковых і інавацыйных арганізацыях. Абмяркоўваюцца пытанні правядзення сумесных навукова-тэхнічных мерапрыемстваў, узаемнага трансферу тэхналогій і паставак беларускай высокатэхналагічнай прадукцыі ў Рэспубліку Карэя, у тым ліку лекавых сродкаў, медыцынскага абсталявання, мікраэлектронікі, прыбораў неразбуральнага кантролю, палімераў для 3D-друку, прыбораў дазіметрычнага кантролю для аб'ектаў атамнай энергетыкі.