17 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Рэспубліцы Карэя Андрэй Чарнецкі разам з сям'ёй прыняў удзел у акцыі па пасадцы дрэў кіраўнікамі замежных дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Сеуле. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў пасольстве.
Мерапрыемства было арганізавана пры падтрымцы міністэрства лясной гаспадаркі і міністэрства замежных спраў гэтай краіны. З прывітальнай прамовай да ўдзельнікаў звярнуліся афіцыйныя асобы і прадстаўнікі міжнародных арганізацый, у тым ліку міністр сельскай гаспадаркі Нам Сунг Хюн, намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства па пытаннях публічнай дыпламатыі Лі Санг Хва і прадстаўнік UNICEF у Рэспубліцы Карэя Лі Кі Чхол.
Карэйскім бокам быў зроблены акцэнт на распрацоўцы сумесных праектаў у сферы лясной гаспадаркі як адной з найбольш спрыяльных пляцовак для ўмацавання двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва.
У ходзе нефармальнай сустрэчы беларускі і карэйскі бок абмеркавалі перспектывы развіцця партнёрства ў гэтым напрамку і выказалі зацікаўленасць у далейшым абмене меркаваннямі.