19 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэгулятары Беларусі і Расіі разгледзелі сёння асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі дзвюх краін на 2016 год. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка па выніках пасяджэння Міжбанкаўскага валютнага савета цэнтральных банкаў Беларусі і Расіі.
"Бакі абмяняліся інфармацыяй аб галоўных прынцыпах і важнейшых параметрах асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі і Расіі на 2016 год, абмеркавалі бягучую эканамічную сітуацыю і дынаміку міжнародных рэзерваў і ліквіднасці ў замежнай валюце дзвюх краін у студзені-верасні бягучага года", - сказалі ва ўпраўленні. Удзельнікі сустрэчы разгледзелі фактары раўнаважнага валютнага курса і бягучае становішча нацыянальных валют.
Акрамя таго, прадстаўнікі рэгулятараў абмяняліся думкамі аб стане і перспектывах развіцця рынку плацежных картак у Беларусі і Расіі. "Разгледжаны пытанні, звязаныя з дзяржаўным рэгуляваннем дзейнасці рэйтынгавых агенцтваў у Расійскай Федэрацыі, а таксама перспектывамі стварэння і рэгулявання дзейнасці такіх агенцтваў у нашай краіне", - дадалі ва ўпраўленні Нацыянальнага банка Беларусі.
Пасяджэнне Міжбанкаўскага валютнага савета цэнтральных банкаў Беларусі і Расіі адбылося ў Пскове. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня праўлення Нацбанка Беларусі Павел Калаур і старшыня Цэнтральнага банка Расіі Эльвіра Набіуліна.