16 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія плануюць выйсці на яшчэ больш высокі ўзровень супрацоўніцтва ў атамнай энергетыцы. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Мінск прыбыла дэлегацыя Дзяржаўнай думы РФ. Плануецца абмеркаваць актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў энергетычнай галіне, у тым ліку будаўніцтва і эксплуатацыю Беларускай атамнай электрастанцыі.
"Цяпер будаўніцтва атамнай станцыі знаходзіцца на завяршальным этапе. Да канца года плануецца ўвод другога энергаблока ў прамысловую эксплуатацыю. Але мы плануем выйсці на яшчэ больш высокі ўзровень узаемадзеяння з расійскімі калегамі", - сказаў Віктар Каранкевіч.
Размова ідзе не толькі аб пытаннях эксплуатацыі Беларускай атамнай станцыі, тэхнічнай падтрымкі і навуковым суправаджэнні праекта, абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі, але і аб новых напрамках. Гэта накапляльныя сістэмы для энергетыкі і электратранспарту, лічбавыя тэхналогіі, ядзерная медыцына, адытыўныя тэхналогіі, даследаванні ў галіне сельскай гаспадаркі і радыебіялогіі.
Праект БелАЭС стаў самым высокатэхналагічным і маштабным у гісторыі беларуска-расійскіх адносін. Ён аб'яднаў навуковыя інжынерныя школы, дзясяткі прадпрыемстваў і тысячы спецыялістаў дзвюх краін, садзейнічаў умацаванню вытворчага і навукова-тэхналагічнага патэнцыялу Саюзнай дзяржавы. У будаўніцтве АЭС прынялі ўдзел каля 40 беларускіх і расійскіх арганізацый. У пік узвядзення станцыі на пляцоўцы было задзейнічана больш як 9 тыс. будаўнікоў.
За гады рэалізацыі нацыянальнай ядзернай энергетычнай праграмы Беларусь зрабіла сур'ёзныя крокі на шляху фарміравання сістэмы ядзернай і радыяцыйнай бяспекі і яе важнейшых элементаў, уключаючы стварэнне адпаведнай нарматыўна-прававой базы, выбудоўванне і функцыянаванне сістэмы абароны і рэагавання. Вялікая работа праведзена ў сферы падрыхтоўкі кадраў. "Па ўсіх гэтых напрамках мы развіваем супрацоўніцтва з нашымі расійскімі калегамі, перш за ўсё дзяржкарпарацыяй "Расатам", - дадаў міністр.
"Атамная энергетыка адкрывае вялікія магчымасці не толькі для паліўна-энергетычнага комплексу, але і для іншых галін эканомікі. Невыпадкова запатрабаванасць у выкарыстанні мірнага атама ўзрастае. На генеральнай канферэнцыі МАГАТЭ, якая прайшла ў 2022 годзе, рэкордная колькасць дзяржаў заявіла аб неабходнасці развіваць атамную энергетыку. Усяго гэта 50 дзяржаў, у тым ліку 27 краін Еўрасаюза", - адзначыў Віктар Каранкевіч.
Атамная энергетыка сёння забяспечвае каля 10 працэнтаў электраэнергіі, якая выпрацоўваецца ў свеце. З улікам усё большага попыту на мірны атам, гэта доля, паводле прагнозаў МАГАТЭ, будзе і далей павялічвацца.