30 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія плануюць у снежні падпісаць прагнозныя балансы попыту і прапанавання па пастаўках прадуктаў харчавання на 2021 год. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінсельгасхарча па выніках рабочай сустрэчы міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Івана Крупко з міністрам сельскай гаспадаркі Расіі Дзмітрыем Патрушавым у фармаце відэаканферэнцыі.
"Бакі разгледзелі пытанні маркіроўкі малочнай прадукцыі, фітасанітарнага кантролю, выкананне прагнозных балансаў попыту і прапанавання Саюзнай дзяржавы на 2020 год, падрыхтоўку балансаў на наступны год. Плануецца, што балансы на 2021 год будуць узгоднены і падпісаны ў снежні бягучага года", - расказалі ў Мінсельгасхарчы.
Міністры ў час сустрэчы абмеркавалі ўмацаванне супрацоўніцтва дзвюх краін у сельскагаспадарчай сферы. Іван Крупко адзначыў, што аграрныя галіны Беларусі і Расіі спрацавалі ў 2020 годзе з дадатнымі рэзультатамі. "Нягледзячы на некаторы спад аб'ёмаў узаемнага гандлю ў першым паўгоддзі, Расія з'яўляецца для Беларусі адным з асноўных партнёраў, яе доля ў структуры экспартных паставак складае 75 працэнтаў. Удзельная вага расійскай прадукцыі ў агульным аб'ёме імпарту харчовых тавараў у Беларусь - 33,6 працэнта, у 2020 годзе ён вырас на 2,3 працэнтнага пункта", - звярнулі ўвагу ў прэс-службе.
У студзені - жніўні тавараабарот сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання Беларусі і Расіі склаў $3,7 млрд. Экспарт беларускай сельгаспрадукцыі ў Расію склаўся ў суме $2,8 млрд. З Расіі ў студзені - жніўні імпартавана сельгаспрадукцыі на $919,1 млн.
"Умацаванню супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў сельскагаспадарчай сферы ў бягучым годзе садзейнічаў шэраг праведзеных мерапрыемстваў. У час Форуму рэгіёнаў адбылася сумесная аграрная секцыя, прысвечаная сацыяльнай і эканамічнай актыўнасці моладзі ў вёсцы. Міжнародную выстаўку "Белагра" наведалі прадстаўнікі з Бранскай, Пскоўскай, Омскай, Іркуцкай, Ленінградскай абласцей і Прыморскага края. Праведзены перагаворы па далейшым развіцці двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і кааперацыі ў сферы аграпрамысловага комплексу", - адзначылі ў прэс-службе.