29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія на VII Форуме рэгіёнаў падпісалі пагадненні і кантракты на больш як $700 млн. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка па выніках пленарнага пасяджэння VII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вынікам гэтай работы стала падпісанне каля 70 пагадненняў аб супрацоўніцтве і камерцыйных кантрактаў на суму, якая перавышае $700 млн. Падпісаныя дакументы будуць садзейнічаць паглыбленню супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, а таксама забяспечаць рэалізацыю праграм і дагавораў у сацыяльна-гуманітарнай сферы", - сказаў Раман Галоўчанка.
Ён падзякаваў расійскім калегам за актыўны ўдзел у VII Форуме рэгіёнаў і выказаную Рэспубліцы Беларусь падтрымку. Праграма форуму ў гэтым годзе ўключала пяць тэматычных секцый, беларуска-расійскі маладзёжны форум, экспертную сесію высокага ўзроўню, сумеснае пасяджэнне дзелавых саветаў, пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве.
Сёння на пленарным пасяджэнні прыняты праект падагульняючага дакумента, які будзе дапоўнены з улікам выступленняў на форуме. "У праекце падагульняючага дакумента адлюстраваны намеры дзвюх краін процідзейнічаць спробам перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны, спробам маніпуляцыі так званай постпраўдай. Асаблівая ўвага акцэнтавана на захаванні міру, незалежнасці і бяспекі, а таксама неабходнасці патрыятычнага выхавання маладога пакалення", - адзначыў Раман Галоўчанка.