25 лютага, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь і Расія дамовіліся прыкласці максімум намаганняў для ліквідацыі бар'ераў і выключэнняў на адзіным рынку. Аб гэтым заявіў сёння журналістам Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пасля завяршэння пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы прыйшлі да адзінага разумення, што сёння павінны паўсюдна, у яшчэ больш цеснай увязцы, удзяляць як мага больш увагі пытанням эканомікі і прыкладаць максімум намаганняў для нарошчвання ўзаемнага тавараабароту, умацавання нашых кааперацыйных сувязей, фарміравання адзінай прамысловай палітыкі, ліквідацыі бар'ераў і выключэнняў на адзіным рынку", - сказаў беларускі лідар.
"І я абсалютна ўпэўнены, што, дзейнічаючы ў новых умовах, мы ўсё роўна пераадолеем і тыя праблемы, якія сёння рэальна ўзніклі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што на пасяджэнні былі прадметна разгледжаны ўсе актуальныя пытанні, якія датычацца розных напрамкаў супрацоўніцтва.
Вялікая ўвага была ўдзелена вынікам гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі за 2015 год. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што краіны знаходзяцца пад уплывам знешніх пагроз эканомікам. "Аб прычынах тут няма сэнсу гаварыць, яны ўсе вядомыя", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.