5 ліпеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Беларусь і Ірак маюць намер актывізаваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Аб гэтым ішла размова сёння ў Маскве на сустрэчы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Расіі Ігара Петрышэнкі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Ірака ў Расіі Хайдарам Мансурам Хадзі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага дыппрадстаўніцтва.
"Бакі абмеркавалі пытанні актывізацыі двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, узаемадзеяння ў сферы прамысловасці, сельскай гаспадаркі, адукацыі, аховы здароўя, - адзначылі ў прэс-службе. - Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанню пашырэння дагаворна-прававой базы двухбаковых адносін".
Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Іракам устаноўлены 26 снежня 1996 года. Па выніках 2016-га аб'ём двухбаковага тавараабароту склаў $39,7 млн.