9 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Пакістан маюць намер развіваць гандлёва-эканамічныя і інвестыцыйныя адносіны. Размова аб гэтым ішла на сустрэчы намесніка міністра замежных спраў Беларусі Валянціна Рыбакова з прадстаўнікамі пакістанскага боку ў час яго візіту ў гэту краіну, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства.
"Праведзены перагаворы па пытаннях развіцця гандлёва-эканамічных і інвестыцыйных адносін паміж дзвюма краінамі з кіраўніцтвам Міністэрства гандлю Пакістана, Савета па інвестыцыях Пакістана, аддзялення па эканамічных пытаннях урада Пакістана", - праінфармавалі ў прэс-службе. Валянцін Рыбакоў прыняў удзел у рабоце круглага стала па пытаннях перспектыў развіцця двухбаковых адносін, які быў арганізаваны дыпламатычнай акадэміяй Пакістана і Ісламабадскім інстытутам стратэгічных даследаванняў.
Акрамя таго, адбылася сустрэча намесніка кіраўніка МЗС са спецыяльным памочнікам прэм'ер-міністра Пакістана па міжнародных справах Тарыкам Фатмі. З генеральным дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Пакістана абмеркаваны ход рэалізацыі праекта стварэння Беларускага інфармацыйна-культурнага цэнтра.
У час візіту праведзены другі раўнд палітычных кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў па пытаннях двухбаковых адносін і супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях.