18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Пакістан актывізуюць супрацоўніцтва ў банкаўскай і мытнай сферах. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік упраўлення Азіі, Аўстраліі і Акіяніі МЗС Андрэй Грынкевіч па выніках першага пасяджэння сумеснага беларуска-пакістанскага гандлёвага камітэта.
Паводле слоў Андрэя Грынкевіча, на пасяджэнні камітэта была дасягнута дамоўленасць прадоўжыць работу па ўзгадненні мемарандума аб узаемаразуменні паміж Нацыянальным банкам Беларусі і Дзяржбанкам Пакістана. "Адзначаны істотны прагрэс па ўзгадненні мемарандума аб узаемаразуменні паміж мытнымі службамі. Беларусь і Пакістан падрыхтуюць і прадставяць адзін аднаму пералік тавараў, па актывізацыі прасоўвання якіх ёсць зацікаўленасць, і асобныя канкрэтныя прапановы па інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва", - расказаў начальнік упраўлення МЗС.
Удзельнікі пасяджэння падкрэслілі гатоўнасць садзейнічаць актывізацыі кантактаў дзелавых колаў, у тым ліку арганізацыі ўзаемных візітаў, удзелу ў выстаўках.
Андрэй Грынкевіч адзначыў, што пакістанскі бок вельмі высока ацаніў вынікі свайго знаходжання ў Беларусі. Напярэдадні адбыліся двухбаковыя сустрэчы дэлегацыі з кіраўніцтвам Мінпрама, Мінгандлю, Нацбанка, ДМК, Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн. Абмяркоўваліся шляхі інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва Беларусі і Пакістана ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай і сельскагаспадарчай сферах. Дэлегацыю Пакістана ўзначаліў першы намеснік міністра гандлю Пакістана Азмат Алі Ранджа. У яе склад увайшлі прадстаўнікі кіраўніцтва Міністэрства нацыянальнай харчовай бяспекі і даследаванняў, Агенцтва па развіцці гандлю, Федэральнага савета па даходах, банкаўскіх і мытных структур Пакістана.
Прадстаўнік МЗС нагадаў, што рашэнне аб стварэнні сумеснага беларуска-пакістанскага гандлёвага камітэта было прынята ў час візіту ў Беларусь прэм'ер-міністра Пакістана Наваза Шарыфа ў жніўні 2015 года. Асноўная мэта камітэта - садзейнічаць росту тавараабароту паміж краінамі і ўзаемнаму прыцягненню інвестыцый.