10 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску праходзіць першае пасяджэнне сумеснай Беларуска-пакістанскай камісіі па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ДКНТ.
"У парадку дня пасяджэння каля дзесяці пытанняў, у тым ліку пытанні пашырэння навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва па распрацоўцы і арганізацыі вытворчасці сучасных мікра- і нанаэлектронных прыбораў, узаемадзеянне ў сферы геолагаразведкі, а таксама абмеркаванне сумесных беларуска-пакістанскіх навуковых мерапрыемстваў (канферэнцый, семінараў і выставак)", - растлумачылі ў ДКНТ.
Беларускую частку камісіі ўзначальвае першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Андрэй Касоўскі, пакістанскую - рэктар Інстытута інфармацыйных тэхналогій COMSATS Суед Мухамад Джунаід Заідзі. На пасяджэнні бакі плануюць абмеркаваць таксама прыярытэтныя напрамкі супрацоўніцтва паміж беларускімі і пакістанскімі навуковымі інстытутамі. "Плануецца, што вучоныя будуць працаваць над сумеснымі праектамі ў галіне сельскагаспадарчай тэхнікі, вытворчасці прадукцыі для горназдабыўной і будаўнічай галіны, распрацоўкі тэхналогій функцыянальнага харчавання і ацэнкі стану і выкарыстання прыродных рэсурсаў", - удакладнілі ў прэс-службе.
Пасяджэнне камісіі завершыць сваю работу 11 жніўня.