1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Індыя маюць намер распрацаваць сумесную праграму ў галіне дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАН Беларусі.
"НАН Беларусі актыўна развівае супрацоўніцтва з партнёрамі з Рэспублікі Індыя. Цяпер вядуцца перагаворы з Міністэрствам навукі і тэхналогій Індыі па механізмах ініцыіравання сумеснай праграмы ў галіне дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі", - растлумачылі ў НАН.
У прэс-службе паведамілі, што ў 2015 годзе арганізацыі НАН Беларусі сумесна з індыйскімі партнёрамі выконваюць праекты ў галіне новых матэрыялаў і лазерных тэхналогій на агульную суму $510 тыс. У мінулым годзе выконваліся праекты ў галіне новых матэрыялаў і сельскай гаспадаркі на агульную суму $290 тыс. Запланавана падпісанне яшчэ двух кантрактаў у абазначаных галінах.
"У бягучым годзе паміж ДНУ "Інстытут парашковай металургіі" Дзяржаўнага навукова-вытворчага аб'яднання парашковай металургіі і лабараторыяй DMRL (г.Хайдарабад) падпісаны кантракт "Распрацоўка працэсаў атрымання пенаметалаў з нікелевага суперсплаву і тытанавага сплаву, арганізацыя доследнага вытворчага ўчастка ў DMRL". Акрамя таго, Інстытут фізікі імя Б.І.Сцяпанава выконвае сумесны праект, які фінансуецца ў рамках Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. Праект называецца "Лазерны сінтэз кампазітных нанаструктур для мэтавых прымяненняў у сэнсарных элементах", - расказалі ў НАН.
Цяпер дзейнічаюць два рамачныя пагадненні аб узаемадзеянні ў навукова-тэхнічнай галіне паміж НАН Беларусі і Індыяй: дагавор аб навуковым супрацоўніцтве з дэпартаментам біятэхналогій Міністэрства навукі і тэхналогій урада Індыі (DBT) (2000 год) і дагавор аб навуковым супрацоўніцтве з Індыйскай нацыянальнай акадэміяй навук (INSA) (2003 год). Акрамя таго, функцыянуе міжурадавая беларуска-індыйская камісія па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхнікі на аснове пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхнікі паміж урадамі дзвюх краін, асноўнай задачай якой з'яўляецца каардынацыя беларуска-індыйскага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ў прыярытэтных напрамках.