10 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка сёння з рабочым візітам наведаў Латвію для ўдзелу ў беларуска-латвійскіх палітычных кансультацыях, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
Дэлегацыю Латвіі на кансультацыях узначаліў дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэйс Пілдэговічс. Бакі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў беларуска-латвійскага супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай і іншых сферах, перспектывы пашырэння дагаворна-прававой базы, тэматыку развіцця адносін па лініі Беларусь-ЕС, праблематыку "Усходняга партнёрства", а таксама ўзаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях.
Алег Краўчанка і Андрэйс Пілдэговічс абмяняліся пратакольнымі пасланнямі міністраў замежных спраў Беларусі і Латвіі з нагоды 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі.
Намеснік кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства таксама наведаў Латвійскую нацыянальную бібліятэку. Ён прыняў удзел у адкрыцці фотавыстаўкі аб гісторыі дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі, прэзентацыі фотавыстаўкі "Беларусь сёння" і цырымоніі перадачы факсімільнага выдання "Кніжная спадчына Францыска Скарыны" ў дар Латвійскай нацыянальнай бібліятэцы ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.