30 жніўня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды сустрэўся з дырэктарам Офіса ўрада спецыяльнага адміністрацыйнага кітайскага рэгіёна Ганконг у Пекіне Лян Джонам, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Кітаі.
Бакі абмеркавалі напрамкі супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай і гуманітарнай сферах. Акрамя таго, размова ішла аб магчымасці правядзення беларуска-азіяцкага інвестыцыйнага форуму. Як чакаецца, ён можа быць запланаваны на канец гэтага года і адбудзецца ў Ганконгу.
Спецыяльны адміністрацыйны раён Ганконг Кітайскай Народнай Рэспублікі - адзін з вядучых фінансавых цэнтраў Азіі і свету. Ганконг размешчаны на Каўлунскім паўвостраве, з захаду, поўдня і ўсходу абмываецца Паўднёва-Кітайскім морам, а таксама на больш як 260 астравах, найбольш буйнымі сярод якіх з'яўляюцца Ганконг (месцазнаходжанне органаў вярхоўнай улады і фінансавага цэнтра тэрыторыі), Лантау і Лама. На поўначы Ганконг мяжуе з асобай эканамічнай зонай Шэньчжэнь у складзе кітайскай правінцыі Гуандун.