10 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Кітай маюць намер пашыраць выкарыстанне нацыянальных валют у двухбаковым гандлі. Гэта замацавана ў сумеснай дэкларацыі Беларусі і КНР аб далейшым развіцці і паглыбленні адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства, якую кіраўнікі дзяржаў Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін падпісалі сёння па выніках перагавораў у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Бакі будуць паглыбляць фінансавае супрацоўніцтва, прасоўваць у двухбаковым гандлі ажыццяўленне разлікаў у нацыянальных валютах, пашыраць міжбанкаўскае супрацоўніцтва па крэдытных лініях, распрацоўваць гібкія і разнастайныя метады фінансавання і прадастаўляць фінансавую падтрымку важным праектам супрацоўніцтва", - гаворыцца ў дакуменце.
Кітай таксама гатовы і далей аказваць Беларусі садзейнічанне ў рэалізацыі важных сацыяльных праектаў.