30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у КНР Юрый Сянько прыняў удзел у рабоце беларуска-кітайскай анлайн-біржы бізнес-кантактаў па гандлі прадукцыяй дрэваапрацоўкі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў беларускай загранустанове ў Пекіне.
Мерапрыемства было арганізавана пасольствам Беларусі сумесна з Кітайскай асацыяцыяй па абароце лесапрамысловай прадукцыі. Анлайн-сустрэча сабрала больш за 70 удзельнікаў.
Кіраўнік беларускай дыпламатычнай місіі ў сваім выступленні адзначыў вялікі інтарэс да беларускай прадукцыі з боку кітайскіх спажыўцоў. Ён выказаў упэўненасць у тым, што гэты семінар дапаможа зблізіць патэнцыяльных партнёраў, знайсці ўзаемавыгадныя пункты росту і вызначыць асаблівасці гандлю прадукцыяй дрэваапрацоўкі паміж Беларуссю і Кітаем.
У рамках мерапрыемства з прэзентацыяй сваёй прадукцыі (ДВП, ДСП, фанеры) выступілі прадстаўнікі дзевяці буйнейшых беларускіх вытворцаў.
Дарэчы, напярэдадні ў час праведзенага пасяджэння камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта канцэрн "Беллеспаперапрам" і Кітайская асацыяцыя па лесапрамысловай прадукцыі падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве.
Пасольства мае намер прадоўжыць работу па аказанні садзейнічання зацікаўленым кампаніям у пошуку аптымальных рашэнняў для пашырэння двухбаковага галіновага ўзаемадзеяння.