14 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Кітай будуць развіваць супрацоўніцтва ў галіне станкабудавання. Дамоўленасць аб гэтым дасягнута па выніках візіту дэлегацыі Міністэрства прамысловасці Беларусі на чале з намеснікам міністра Аляксандрам Яфімавым у Кітай, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Мінпрама.
У прыватнасці, члены дэлегацыі, у складзе якой былі прадстаўнікі ААТ "Інстытут Беларгстанкінпрам", наведалі шэраг кітайскіх станкабудаўнічых прадпрыемстваў і азнаёміліся з асартыментам выпускаемай прадукцыі. У час сустрэч бакі выказалі зацікаўленасць у развіцці ўзаемавыгадных кантактаў. Абмеркаванне варыянтаў супрацоўніцтва прадоўжылася ў час наведвання міжнароднай выстаўкі станкоў і машыннага абсталявання CIMT-2023 у Пекіне.
Акрамя таго, адбыліся перагаворы паміж Міністэрствам прамысловасці Беларусі і кітайскай нацыянальнай машынабудаўнічай карпарацыі Sinomach па пытаннях супрацоўніцтва па шырокім спектры напрамкаў, у тым ліку ў галіне сельгасмашынабудавання і металургіі.
"Кітай выступае галоўным стратэгічным партнёрам Беларусі сярод краін далёкай дугі. Нядаўні дзяржаўны візіт Прэзідэнта Беларусі ў КНР стварыў максімальна спрыяльныя ўмовы для ўзаемавыгадных двухбаковых кантактаў. І дасягнутыя дамоўленасці цяпер неабходна напаўняць канкрэтным зместам. Візіт дэлегацыі Міністэрства прамысловасці Беларусі ў Кітай прадэманстраваў высокую зацікаўленасць і гатоўнасць да супрацоўніцтва нашых кітайскіх партнёраў. Цяпер неабходна дэталёва адпрацаваць механізмы рэалізацыі сумесных праектаў", - пракаменціраваў Аляксандр Яфімаў.