18 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Кітай абмяркуюць у Пекіне гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва 20 жніўня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства эканомікі.
Беларускую дэлегацыю на пасяджэнні камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Беларусі і КНР узначаліць міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі, кітайскі бок - намеснік міністра камерцыі Чжун Шань, удакладнілі спецыялісты.
У пасяджэнні камісіі таксама прымуць удзел прадстаўнікі міністэрстваў эканомікі, замежных спраў, фінансаў, энергетыкі, сельскай гаспадаркі і харчавання, прамысловасці, транспарту і камунікацый, архітэктуры і будаўніцтва, а таксама СЗАТ "Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка".
Праграмай мерапрыемства запланавана першае пасяджэнне рабочай групы па міжрэгіянальным гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. З беларускага боку ў ім прымуць удзел намеснікі старшынь аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, з кітайскага боку - прадстаўнікі дэпартаментаў камерцыі ўрадаў правінцый і гарадоў.
"Кітай з'яўляецца ключавым стратэгічным і гандлёвым партнёрам Беларусі, таму Беларусь нацэлена на рэзультатыўнае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва дзвюх краін і актывізацыю яго напрамкаў", - нагадалі ў прэс-службе ведамства.