19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Калінінградская вобласць Расіі будуць разам рыхтаваць спецыялістаў для WorldSkills. Аб гэтым ішла размова на сустрэчы міністра адукацыі Беларусі Ігара Карпенкі з часова выконваючым абавязкі намесніка старшыні ўрада Калінінградскай вобласці Ільёй Барынавым, паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі.
У час сустрэчы Ігар Карпенка акцэнтаваў увагу на неабходнасці развіцця рэсурсных цэнтраў у арганізацыях сярэдняй прафесійнай адукацыі. Міністр выступіў з прапановай абмяняцца вопытам стварэння пляцовак, якія функцыянуюць у Калінінградскай вобласці. "Прынята сумеснае рашэнне аб падрыхтоўцы спецыялістаў для ўдзелу ў нацыянальным і сусветным чэмпіянаце маладых прафесіяналаў WorldSkills", - расказалі ў прэс-цэнтры.
Ігар Карпенка і Ілья Барынаў абмеркавалі развіццё міжвузаўскага супрацоўніцтва, павышэнне акадэмічнай мабільнасці студэнтаў, навуковых і педагагічных работнікаў. Акрамя таго, закраналася тэма арганізацыі ўзаемадзеяння ўстаноў сістэмы прафесійнай адукацыі, уключаючы падрыхтоўку і перападрыхтоўку кадраў па новых запатрабаваных рынках працы спецыяльнасцях.
Міністэрствы адукацыі Беларусі і Калінінградскай вобласці падпісалі сёння мемарандум, які прадугледжвае арганізацыю супрацоўніцтва па падтрымцы адораных дзяцей, абмен вопытам адукацыйных арганізацый, стварэнне сумесных праектаў. "Беларусь зацікаўлена ва ўзаемадзеянні па кадэцкай адукацыі, школах міжнароднага бакалаўрыяту, падрыхтоўцы кадраў аграпрамысловага і інжынернага напрамкаў, новых формах арганізацыі раскладу ў школах. У гэтых пытаннях Калінінградская вобласць дэманструе інавацыйны падыход, які мы гатовы трансліраваць у сябе ў Беларусі", - сказаў Ігар Карпенка.
У сваю чаргу Ілья Барынаў падкрэсліў, што Беларусь - стратэгічны партнёр Калінінградскай вобласці па абмене вопытам у сацыяльнай сферы. Ён з задавальненнем адзначыў гатоўнасць бакоў да ўзаемадзеяння і абмеркавання новых праектаў і праграм, у якіх змогуць удзельнічаць і навучэнцы, і педагагічная супольнасць.
Візіт дэлегацыі Мінадукацыі Беларусі ў Калінінградскую вобласць прадоўжыцца па 20 верасня. Плануецца наведаць шэраг адукацыйных арганізацый рэгіёна.