13 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Японія прапрацоўваюць стварэнне прыборабудаўнічага кластара. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам пасол Беларусі ў Японіі Сяргей Рахманаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сяргей Рахманаў адзначыў, што японскі бізнес арыентаваны на супрацоўніцтва з прыватнымі вытворчымі фірмамі, паколькі бачыць у гэтым перавагі. "Таму мы вядзём работу, каб стварыць у Беларусі, у тым ліку з упорам на Японію, спецыяльны прыборабудаўнічы кластар. У нас ёсць цэлая група сур'ёзных прыватных фірм сусветнага ўзроўню, трэба аб'яднаць іх намаганні і зрабіць нешта падабнае да Парка высокіх тэхналогій. У гэтым выпадку якраз Японія з'яўляецца вельмі добрым партнёрам", - расказаў дыпламат.
Акрамя таго, паводле слоў пасла, супрацоўніцтва з Японіяй развіваюць і дзяржпрадпрыемствы Беларусі. "Пасля пэўных намаганняў нам удалося дамовіцца аб тым, каб на БМЗ сумесна з адной з сур'ёзных фірм Японіі рабіць трубы нафтавага асартыменту па тых тэхналогіях, якія ёсць на БМЗ, але нарэзка разьбы будзе японская. Калі ўсё гэта будзе прадоўжана, будуць вельм сур'ёзныя аб'ёмныя кантракты з гарантаваным збытам", - звярнуў увагу ён.
Беларускаму боку ўдалося дабіцца значных вынікаў і па развіцці супрацоўніцтва з Японіяй у сферы турызму. "У нас цяпер значны прарыў па ўязным турызме з Японіі. Мы ўпершыню стварылі разам з японскімі фірмамі праект па кратным нарошчванні японскіх турыстаў у Беларусі і знайшлі сур'ёзных партнёраў, уключаючы вядучыя дзяржаўныя структуры і канкрэтныя фірмы Японіі", - адзначыў Сяргей Рахманаў.
Развіваецца і палітычны вектар у адносінах паміж дзвюма краінамі, дадаў дыпламат. У ліпені Беларусь упершыню наведае парламенцкая дэлегацыя Японіі. "Гэтыя людзі, якія прыедуць, вельмі ўплывовыя. Іх не выпадкова падбіралі. Потым яны, безумоўна, і раскажуць, і зробяць усё неабходнае ў Японіі, каб нашы адносіны развіваліся эфектыўна", - упэўнены беларускі пасол.