14 мая, Брусель /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Еўрапейскі саюз маюць намер устараняць астатнія гандлёвыя бар'еры. Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў сёння на канферэнцыі высокага ўзроўню з нагоды дзесяцігоддзя ініцыятывы ЕС "Усходняе партнёрства", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Еўрасаюз стаў другім па велічыні гандлёвым партнёрам для нас. У нас адкрытая эканоміка, мы залежым ад сітуацыі на знешніх рынках, таму для нас вельмі важна, каб у нас былі добрыя гандлёва-эканамічныя адносіны з Еўрасаюзам. Нам падабаецца гэта станоўчая тэндэнцыя, але, думаю, яшчэ шмат трэба будзе зрабіць у гэтым напрамку. Мы спадзяёмся, што нам удасца ўстараніць астатнія гандлёвыя бар'еры", - сказаў Уладзімір Макей.
Ён звярнуў увагу, што за апошні год доля Еўрапейскага саюза ў беларускім экспарце вырасла з 26 працэнтаў да больш як 30 працэнтаў. Гэта адпавядае рашэнню Беларусі дыверсіфікаваць гандлёва-эканамічныя адносіны.
Міністр адзначыў, што Беларусь стала актыўней узаемадзейнічаць з еўрапейскімі фінансавымі інстытутамі, у тым ліку Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскім інвестыцыйным банкам. "Важна супрацоўнічаць з гэтымі фінансавымі інстытутамі па такіх пытаннях, як прыватызацыя. Мы ведаем, негатыўныя прыклады ў некаторых суседніх краінах, калі прыватызацыя праводзілася без падрыхтоўкі і з'яўляліся алігархі. Мы хацелі б пазбегнуць такіх негатыўных прыкладаў, хацелі б выкарыстоўваць станоўчую практыку", - падкрэсліў Уладзімір Макей.