11 чэрвеня, Лондан /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця пашыраюць узаемадзеянне ў розных сектарах. Адпаведныя дакументы падпісаны сёння ў штаб-кватэры ЕБРР у Лондане па выніках перагавораў прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса і першага віцэ-прэзідэнта ЕБРР Юргена Рыгтэрынка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У прыватнасці, падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж урадам Беларусі і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця адносна супрацоўніцтва ў падтрымку Савета па замежных інвестыцыях Беларусі. Гэты савет стане новым органам садзейнічання дыялогу з інвестарскай супольнасцю.
Акрамя таго, падпісаным сёння пагадненнем прадугледжваецца, што ЕБРР выдзяляе 15,5 млн еўра для праграмы "Чыстая вада" ў Віцебскай вобласці. Сродкі пазыкі прафінансуюць інвестыцыйную праграму "Віцебскаблводаканала", якая дасць магчымасць прывесці якасць пітной вады ў адпаведнасць са стандартамі ЕС і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Новыя станцыі па ачыстцы пітной вады ад прымесей жалеза будуць устаноўлены ў 80 населеных пунктах да канца 2022 года. Крэдыт з'яўляецца часткай праграмы ЕБРР па водным сектары ў Беларусі.
Паміж урадам Беларусі і ЕБРР падпісаны таксама мемарандум аб узаемаразуменні адносна перадпрыватызацыйнага садзейнічання для ААТ "Віцебскдрэў". ЕБРР распрацуе меры па павышэнні інвестыцыйнай прывабнасці "Віцебскдрэва".
ЕБРР - шматбаковы банк, які садзейнічае развіццю прыватнага сектара і прадпрымальніцкай ініцыятывы ў 38 эканоміках на трох кантынентах. Акцыянерамі банка з'яўляюцца 67 краін, а таксама ЕС і Еўрапейскі інвестыцыйны банк. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця з'яўляецца буйнейшым інстытуцыянальным інвестарам у эканоміку Беларусі. З пачатку сваёй дзейнасці ў Беларусі ў 1992 годзе ЕБРР інвесціраваў амаль 2,46 млрд еўра ў 114 праектаў у розных галінах эканомікі краіны.