14 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) нацэлены на пашырэнне колькасці праектаў у інфраструктурным сектары. Аб гэтым ішла размова на сустрэчы першага намесніка прэм'ер-міністра Васіля Мацюшэўскага з дэлегацыяй ЕБРР на чале з кіруючым дырэктарам па краінах Усходняй Еўропы і Каўказа Франсісам Маліжам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
У час сустрэчы бакі абмеркавалі асноўныя напрамкі супрацоўніцтва і праекты ў рамках новай стратэгіі ЕБРР для Беларусі на 2016-2019 гады.
Васіль Мацюшэўскі высока ацаніў экспертную і фінансавую падтрымку, якую ЕБРР аказвае Беларусі. Ён адзначыў, што за перыяд супрацоўніцтва з банкам у развіццё важных напрамкаў інвесціравана больш як 1,7 млрд еўра. Больш за палавіну гэтых рэсурсаў інвесціраваны ў знакавыя праекты ў 2011-2015 гадах.
Першы намеснік прэм'ер-міністра выказаў надзею на паспяховую рэалізацыю новых праектаў Беларусі і ЕБРР. Таксама ён выказаўся за хутчэйшы адыход ад так званага калібраванага фармату работы банка ў Беларусі. "Як нам здаецца, гэта дасць магчымасць істотна пашырыць наша супрацоўніцтва, асабліва ў частцы перадпрыватызацыйных здзелак", - заявіў Васіль Мацюшэўскі.
У сваю чаргу Франсіс Маліж праінфармаваў аб падрыхтоўцы новай краінавай стратэгіі ЕБРР для Беларусі на 2016-2019 гады і выказаў меркаванне аб магчымасці пашырэння колькасці сумесных праектаў у дзяржаўным інфраструктурным сектары. Ён таксама адзначыў высокі ўзровень рэалізацыі праекта па перадпрыватызацыі ААТ "Белінвестбанк" як аднаго з паспяховых сумесных праектаў і пацвердзіў планы па далейшым выкананні праграмы інстытуцыянальнага развіцця банкаўскай установы.