17 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" адкрыла прадстаўніцтва ў Лондане, паведамілі БЕЛТА ў банку.
"Ёсць мноства агульнавядомых аргументаў, чаму мы выбралі Лондан для сваёй прысутнасці. У "Квадратнай мілі" Сіці фінансавым бізнесам прасякнута нават само паветра. Беларусь становіцца аб'ектам усё больш пільнай увагі з боку міжнародных інвестыцыйных банкаў, фондаў і кампаній. Цікавасць да нашай дзяржавы расце, мы гэта выразна адчуваем. Таму Банк развіцця, як адзін з апорных беларускіх фінансавых інстытутаў, нацэлены быць на вастрыі ўсіх гэтых працэсаў", - адзначыў старшыня праўлення Банка развіцця Сяргей Румас.
У прэс-службе канстатавалі, што працэсы пастаяннай трансфармацыі глабальнага фінансавага рынку абумовілі прымяненне Банкам развіцця мабільнай формы прысутнасці, пры якой кіраўнік лонданскага офіса непасрэдна інтэграваны ў сістэму міжнароднага бізнесу банка. У залежнасці ад мэтавых арыенціраў прадстаўніцтва зможа праводзіць мерапрыемствы любога фармату, ад прыватных перагавораў да буйных форумаў і прэзентацый, і выкарыстоўваць адпаведны ўзровень неабходнага сэрвісу. Для гэтага аператар дзелавога комплексу, у якім будзе размешчана прадстаўніцтва, прадастаўляе спектр самых сучасных тэхналагічных, камунікацыйных, адміністратарскіх і іншых звязаных з гэтым рашэнняў.
Акрамя таго, Банк развіцця атрымае доступ да аналагічных паслуг аператара ў іншых прэстыжных міжнародных дзелавых лакацыях у гарадах Нью-Ёрк, Сідней, Парыж, Токіа, Ганконг, Сінгапур, Доха, Дубай, Пекін і інш. Такім чынам, офіс у Лондане становіцца пляцоўкай для глабальнай работы Банка развіцця на міжнародным фінансавым рынку. Такі падыход дае магчымасць істотна аптымізаваць аперацыйныя затраты на вядзенне бізнесу за мяжой у параўнанні з адкрыццём традыцыйнага прадстаўніцтва.
"Мы будзем аплачваць толькі той аб'ём паслуг, які нам неабходны ў той ці іншы момант часу, а менавіта разгортваць маштабную актыўнасць, калі аб'ёмы бізнесу растуць, або скарачаць прысутнасць да мінімуму ў перыяд стагнацыі на рынку. Гэта істотна павышае эластычнасць вядзення бізнесу і зніжае аперацыйныя выдаткі", - рэзюмаваў Сяргей Румас.