5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Банк развіцця ў 2022 годзе прафінансаваў 1250 праектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва на суму большую за Br357 млн, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе банка.
Адным з ключавых напрамкаў работы банка ў 2022 годзе стала рэалізацыя ўласнай праграмы фінансавай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Яна прадугледжвае як крэдыты, так і фінансавую арэнду (лізінг) для рэалізацыі праектаў на розных стадыях развіцця бізнесу.
"Колькасць праектаў, якія атрымліваюць падтрымку Банка развіцця, з году ў год расце. Мінулы год не стаў выключэннем - прафінансавана 1250 праектаў МСП з розных сфер эканомікі на суму Br357,8 млн, што на 244 праекты больш, чым у 2021 годзе", - расказалі ў прэс-службе.
Найбольшай папулярнасцю сярод прадпрымальнікаў у 2022 годзе карысталіся крэдытныя прадукты, накіраваныя на імпартазамяшчэнне і падтрымку экспарту. Так, рэсурсы па прадукце "Стабілізацыйны", які Банк развіцця запусціў у маі, накіраваны на фінансаванне 325 праектаў на суму Br98,7 млн. Па прадуктах "Падтрымка імпартазамяшчэння" і "Падтрымка экспарту" прафінансавана 317 праектаў на суму звыш Br138,2 млн.
Для таго, каб інструменты фінансавання банка развіцця былі даступны ў кожным кутку краіны, падтрымка малых і сярэдніх прадпрыемстваў ажыццяўляецца праз банкі-партнёры і лізінгавыя арганізацыі. На сёння партнёрская сетка налічвае 16 банкаў і 6 лізінгавых арганізацый, якія маюць вопыт работы з малым і сярэднім прадпрымальніцтвам.
ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" - спецыялізаваны фінансавы інстытут, створаны ў 2011 годзе. Яго заснавальнікамі з'яўляюцца Савет Міністраў і Нацыянальны банк. У ліку асноўных задач банка - фінансаванне доўгатэрміновых і капіталаёмістых інвестыцыйных праектаў пры рэалізацыі дзяржпраграм і мерапрыемстваў. Акрамя таго, банк аказвае крэдытную падтрымку айчыннаму экспарту, удзельнічае ў праграме развіцця малога і сярэдняга бізнесу.