25 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія банкі не маюць намеру ўводзіць абмежаванняў і гатовы забяспечваць абменныя пункты валютай. Аб гэтым заявілі ў час круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА, прысвечанага сітуацыі на валютным рынку, прадстаўнікі буйных банкаў, што працуюць у Беларусі.
Першы намеснік старшыні праўлення ААТ "ААБ Беларусбанк" Генадзь Гаспадарык падкрэсліў, што, нягледзячы на некаторы ажыятаж на рынку замежнай валюты, банк не плануе ўводзіць якіх-небудзь абмежаванняў. "Калі павысіўся попыт, аб'ёмы продажаў валюты ў нашых аддзяленнях узраслі прыкладна ў 5 разоў, таму я не магу сказаць, што ў нас учора ва ўсіх падраздзяленнях на працягу ўсяго рабочага дня была наяўная валюта. Былі збоі, бо ёсць тэхнічныя пытанні забеспячэння і падмацавання абменных пунктаў - трэба даставіць наяўныя грошы, пералічыць. Сёння мы вырашаем пытанні па падмацаванні абменных пунктаў валютай. У бліжэйшыя дні ўсе нашы абменныя пункты будуць падмацаваны ў тым аб'ёме, у якім неабходна", - падкрэсліў ён.
Паводле яго слоў, насельніцтва не зменшыла аб'ёмы здачы валюты. "Тыя аб'ёмы, якія мы атрымлівалі ў чэрвені-ліпені, захаваліся і сёння", - адзначыў Генадзь Гаспадарык. Сярэдні аб'ём куплі долараў складае $80-100. "Калі паглядзець тую выгаду, якую атрымліваюць фізасобы, то яна несуразмерная тым намаганням, якія неабходна прыкласці, каб набыць такую суму", - канстатаваў ён.
Намеснік старшыні праўлення ААТ "Пріорбанк" Сяргей Шышоў падкрэсліў, што ўсе філіялы і абменныя пункты банка працавалі 24 жніўня ў звычайным рэжыме. "Былі цяжкасці з электронным банкам, але гэта быў тэхнічны збой сістэмы", - растлумачыў ён.
"Усе нашы філіялы і абменныя пункты працавалі з наяўнай валютай. Мы бачым сваю мэту - поўнае забеспячэнне насельніцтва грашамі, не важна - беларускія рублі гэта або замежная валюта. Аб'ём продажаў валюты сапраўды павялічыўся, калі мы параўнаем ліпень і жнівень, то ў ліпені гэта было $38 млн, а ў жніўні - ужо $50 млн. Але мы гатовы задаволіць усіх нашых кліентаў", - падкрэсліў Сяргей Шышоў