26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ахову беларускіх грошай пасля дэнамінацыі забяспечыць унікальны эфект MASK. Аб гэтым сёння паведаміў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення крыміналістычных экспертыз цэнтральнага апарату Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі Дзмітрый Гулідзін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Усе неабходныя спосабы друку і аховы грошай, якія выкарыстоўваюцца перадавымі краінамі, прыменены да новых беларускіх грошай. На купюрах наміналам ад 50 рублёў размешчаны дадатковы элемент аховы - MASK", - сказаў Дзмітрый Гулідзін.
Ён адзначыў, што спецыялісты Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі з усіх рэгіёнаў краіны прайшлі сумеснае навучанне з прадстаўнікамі Нацыянальнага банка Беларусі. "Нашы эксперты як тэхнічна, так і прафесійна гатовы да правядзення экспертыз новых грашовых знакаў", - дадаў Дзмітрый Гулідзін.
Як растлумачылі ў Нацыянальным банку Беларусі, MASK з'яўляецца комплексным элементам аховы, што складаецца з дзвюх выяў, якія выкананы рознымі спосабамі друку, але аднолькавымі па колеры фарбамі. Першая выява, ніжняя, надрукавана афсетам, а другая, верхняя, - металаграфскім спосабам. Верхнюю карцінку відаць у адбітым святле, а ніжнюю можна ўбачыць толькі на прасвет.
Дзмітрый Гулідзін адзначыў, што з 2013 года часцей за ўсё, у 60 працэнтах выпадкаў, судэксперты мелі справу з фальшывымі доларамі ЗША. У 26 працэнтах выпадкаў на даследаванні адпраўляліся падробленыя расійскія рублі. Па 6 працэнтаў прыпала на экспертызу падробленых еўра і беларускіх рублёў. Таксама маюць месца адзінкавыя выпадкі даследаванняў падробак экзатычных валют, напрыклад, кітайскіх юаняў. Ёсць тры спосабы самастойнай праверкі новых банкнотаў на сапраўднасць: навобмацак, на прасвет і пры нахіле купюры. Больш падрабязна азнаёміцца з імі можна на сайце Нацбанка Беларусі.