12 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па суме здзелак на пляцоўцы БУТБ у мінулым годзе Расія выйшла на першае месца, аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня праўлення БУТБ Аляксандр Асмалоўскі.
Паводле яго слоў, у 2023 годзе ўдзельнікі таргоў з Расіі заключылі больш як 7,5 тыс. біржавых здзелак на суму каля 300 млн долараў. "Гэта на 63 працэнты вышэй за паказчыкі 2022 года. Імпарт расійскіх тавараў вырас на 11 працэнтаў, да 165 млн долараў, а экспарт беларускіх - амаль у 5 разоў, да 131 млн долараў", - адзначыў ён.
Паводле слоў Аляксандра Асмалоўскага, дадатная дынаміка абумоўлена ў тым ліку прыходам на біржу новых кампаній. "У мінулым годзе Расія выйшла на першае месца па суме здзелак сярод усіх краін, прадстаўленых на нашай пляцоўцы, забяспечыўшы звыш палавіны знешнегандлёвага тавараабароту біржы. Акрамя таго, Расія ўзначаліла тройку буйнейшых рынкаў збыту беларускіх тавараў", - дадаў кіраўнік БУТБ. "Расія таксама лідзіруе па колькасці акрэдытаваных на біржы кампаній. Іх доля ў агульнай колькасці замежных удзельнікаў таргоў складае больш за 50 працэнтаў. Цяпер на біржы акрэдытаваны кампаніі з 52 рэгіёнаў Расіі. Гэта на 11 працэнтаў больш, чым было ў пачатку 2023 года".
Аляксандр Асмалоўскі нагадаў, што Беларусь і Расія абмяркоўваюць стварэнне агульнага біржавога рынку Саюзнай дзяржавы. Паводле яго слоў, гэта дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць работы бізнесу, стымулюе біржавы гандаль і надасць імпульс эканамічнаму развіццю дзвюх краін.
"Аб’яднанне біржавых таварных рынкаў - чарговы крок да паглыблення інтэграцыі эканомік Расіі і Беларусі, які будзе садзейнічаць росту ўзаемнага гандлю і забеспячэнню роўных умоў вядзення бізнесу для расійскіх і беларускіх кампаній", - упэўнены ён. Пры гэтым кіраўнік БУТБ звярнуў увагу, што ўстараненне бар’ераў і стварэнне адзіных правіл для канкурэнцыі - базавая ўмова для фарміравання агульнага таварнага рынку Беларусі і Расіі.
"Стварэнне і функцыянаванне агульнага біржавога рынку Саюзнай дзяржавы можа паслужыць мадэллю і для развіцця супрацоўніцтва ў рамках ЕАЭС. Агульны біржавы рынак тавараў Еўразійскага эканамічнага саюза дапаможа развіццю нацыянальных біржаў краін - удзельніц ЕАЭС і дасць магчымасць бізнесу пашырыць рынкі збыту. А суб’екты гаспадарання атрымаюць доступ да тавараў, цэны на якія будуць фарміравацца на канкурэнтнай аснове", - рэзюмаваў Аляксандр Асмалоўскі.