10 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы намеснік старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка заклікаў парламентарыяў мабілізаваць намаганні для ўмацавання эканамічных пазіцый Саюзнай дзяржавы. Аб гэтым ён заявіў сёння ў ходзе пяцідзясятай сесіі Парламенцкага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У цэлым нам трэба максімальна мабілізаваць намаганні на дасягненне намечаных мэт па ўмацаванні эканамічных пазіцый Саюзнай дзяржавы, забеспячэнні рэальнага суверэнітэту дзвюх краін, пашырэнні нацыянальных і саюзніцкіх інтарэсаў на міжнароднай арэне", - адзначыў Уладзімір Андрэйчанка.
Паводле яго слоў, трэба таксама развіваць рэгіянальнае супрацоўніцтва. "Трэці Форум рэгіёнаў, які гэтымі днямі прайшоў у Мінску, яшчэ раз прадэманстраваў эфектыўнасць прамых вытворчых, культурных і іншых сувязей. У сучасных умовах, калі канкурэнцыя ў свеце абвастраецца, такое супрацоўніцтва - патрабаванне часу", - упэўнены спікер.
Уладзімір Андрэйчанка лічыць, што саюзным парламентарыям трэба больш увагі ўдзяляць рэалізацыі ўзгодненай прамысловай палітыкі, стварэнню аднолькавых умоў для суб'ектаў гаспадарання, выпрацоўцы адзіных тарыфаў на энерганосьбіты, тым больш што ў гэтых пытаннях, паводле яго слоў, не ўсё гладка.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў таксама выказаў меркаванне, што задачы, пастаўленыя ў Саюзнай дзяржаве, трэба разглядаць з прывязкай да дзейнасці ў Еўразійскім эканамічным саюзе, стварэння зон свабоднага гандлю з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі. "Асаблівую ўвагу неабходна ўдзяляць развіццю стратэгічнага супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай па сумеснай рэалізацыі вялікіх інфраструктурных праектаў. Усё гэта на справе і ёсць паступовае ажыццяўленне ідэі інтэграцыі інтэграцый. Парламентарыі могуць унесці свой уклад у выпрацоўку дарожнай карты гэтага праекта", - дадаў спікер.